Сёння існуюць два палітычныя праекты Беларусі – Аляксандра Лукашэнкі і дэмакратычнага руху. Абодва маюць сфармаваныя буйныя групы прыхільнікаў, але ў той ці іншай ступені супярэчаць уяўленням большасці беларусаў.
Большасць беларусаў хоча “больш нармальнай краіны” паводле палітычнага ладу, дзе яны будуць адчуваць сябе больш бяспечна і будуць мець павагу да сябе. У галіне эканомікі беларусы прыхільна глядзяць на пашырэнне прыватнага сектара, але не выглядаюць гатовымі да цалкам ліберальнай эканомікі.
Беларусы не хацелі б істотных зменаў у палітыцы ідэнтычнасці. У знешняй палітыцы Лукашэнка і дэмакратычны рух не ў стане прапанаваць прыязных стасункаў з Захадам і Расіяй, якіх хоча большасць беларускага грамадства.
Трэці праект Беларусі, які тэарэтычна меў бы магчымасць аб’яднаць большасць беларусаў, – гэта краіна, якая дэмакратызуецца, але не страчвае сваёй кіравальнасці; ладзіць рынкавую трансфармацыю без балючых рэформаў, дазваляе на існаванне розных праектаў ідэнтычнасці, а ў знешняй палітыцы мае прыязныя стасункі з Захадам і Расіяй.