Сёння 63 % беларускіх гараджан лічаць, што аборты маюць быць легальнымі ва ўсіх або ў большасці выпадкаў. Беларусы маюць такое ж стаўленне да абортаў,
як, напрыклад, амерыканцы, з якіх 62 % выказваюцца за магчымасць абортаў у большасці ці ва ўсіх выпадках. Пры гэтым у параўнанні з апытаннем
Chatham House з лістапада 2020-га года колькасць тых, хто падтрымлівае права на аборт, зменшылася з 75% да 63 %. Таксама колькасць тых, хто не мае пазіцыі па пытанні, вырасла з 7 % да 20 %.
Цікава, але і заканамерна, што адабрэнне абортаў павышаецца прапарцыйна памеру горада. Так, найбольшая падтрымка абортаў ва ўсіх выпадках назіраецца сярод жыхароў Мінска (38 %), а самая высокая падтрымка поўнай забароны абортаў – сярод жыхароў малых гарадоў (ад 5 тыс. да 15 тыс. насельніцтва).
Асаблівай розніцы паводле полу ў пытанні абортаў не заўважна, за выключэннем таго, што больш мужчын (15 %), чым жанчын (10 %), лічаць, што аборты мусяць быць забароненыя ва ўсіх выпадках. Мы таксама паглядзелі на залежнасць пазіцыі па абортах ад геапалітычных прэферэнцый. Так, сярод прыхільнікаў саюза Беларусі з ЕС больш за 80 % тых, хто падтрымлівае аборты ва ўсіх ці ў большасці выпадкаў. Сярод прыхільнікаў саюза з РФ такіх беларусаў 53 %. Сярод беларускіх гараджан, якія абіраюць ЕС, не знайшлося ніводнага рэспандэнта, што падзяляе забарону на аборты; у прыхільнікаў саюза з Расіяй такіх 7 %.
Калі звярнуцца да сегментацыі беларускага грамадства,
дэмакратычнае ядро (72 %) і
спачувальныя (77 %) падтрымліваюць аборты цалкам ці ў большасці выпадкаў. Цікава таксама тое, што сярод
маўклівых амаль палова рэспандэнтаў не мае пазіцыі па абортах.